Канферэнцыя БНП прыняла рэзалюцыю па пытаннях удзелу грамадзян у мясцовым самакіраванні

24 лютага 2018 году адбылася штогадовая Канферэнцыя Беларускай нацыянальнай платформы Форума грададзянскай супольнасці Усходняга Партнёрства.

Канферэнцыяй была прынята Рэзалюцыя па пытаннях удзелу грамадзян у мясцовым самакіраванні, падрыхтаваная экпертамі АГА “Фонд ім.Льва Сапегі”.

Прынята Канферэнцыяй Беларускай нацыянальнай платформы
Форуму грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства
24 лютага 2018 г.

РЭЗАЛЮЦЫЯ
Канферэнцыі Беларускай нацыянальнай платформы
Форуму грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства

Удзел грамадзян у працэсе прыняцця рашэнняў на мясцовым узроўні – важнае звяно станаўлення і развіцця мясцовага самакіравання ў Рэспубліцы Беларусь

Мы, удзельнікі Канферэнцыі Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства, кіруючыся інтарэсамі развіцця мясцовага самакіравання ў цэлым і формаў удзелу грамадзян у вырашэнні праблем на мясцовым узроўні – у прыватнасці, грунтуючыся на частцы 1 артыкула 3 і частцы 1 артыкула 5 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, імкнучыся да развіцця дыялогу і партнёрскіх адносін паміж мясцовымі органамі ўлады і арганізацыямі грамадзянскай супольнасці і зыходзячы з назапашанага вопыту ўзаемадзеяння на мясцовым узроўні, звяртаемся да Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, мясцовых Саветаў дэпутатаў і мясцовых выканаўчых камітэтаў з наступнымі прапановамі:

  • актывізаваць інфармацыйна-асветніцкую дзейнасць, накіраваную на ўцягванне грамадзян у працэс прыняцця рашэнняў і рашэнне праблем на мясцовым узроўні, а таксама папулярызаваць прыклады лепшых практык грамадзянскага ўдзелу на мясцовым узроўні;
  • судзейнічаць павышэнню дыялогавай культуры і стварэнню сумесных дыялогавых пляцовак для абмеркавання і вырашэння мясцовых праблем (арганізацыя рэгулярных сустрэч у мясцовых Саветах / выканкамах з прадстаўнікамі арганізацый грамадзянскай супольнасці, стварэнне сумесных экспертных Саветаў па актуальных праблемах і напрамках дзейнасці);
  • імкнуцца да стварэння атмасферы даверу ў адносінах паміж арганізацыямі грамадзянскай супольнасці і мясцовымі органамі ўлады (сыход ад палітызацыі грамадскіх ініцыятыў, аказанне арганізацыйнага і адміністрацыйнага садзейнічання ў іх рэалізацыі, заахвочванне
    грамадскіх актывістаў і г.д.);
  • забяспечыць рэалізацыю прынцыпу галоснасці і празрыстасці ў дзейнасці мясцовых органаў улады (заяўны прынцып наведвання мясцовых Саветаў дэпутатаў, свабодны доступ да інфармацыі, якая тычыцца законных правоў і інтарэсаў грамадзян, забеспячэнне права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі аб дзейнасці мясцовых органаў улады, павышэнне інфарматыўнасці сайтаў мясцовых органаў улады і інш.);
  • падрыхтаваць прапановы і юрыдычную базу для практычнага ўкаранення «бюджэту грамадзянскага ўдзелу» у мясцовыя бюджэты для фінансавання на конкурснай аснове грамадзянскіх ініцыятыў;
  • падрыхтаваць прапановы па ўдасканаленні заканадаўства аб формах ўдзелу грамадзян у мясцовым самакіраванні (формах непасрэднай дэмакратыі) з мэтай іх дэбюракратызацыі і павышэння эфектыўнасці.

Беларуская нацыянальная платформа Форуму грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства і яе арганізацыі-ўдзельніцы гатовыя да актыўнага ўдзелу ў распрацоўцы і ўкараненні дадзеных прапаноў у практыку сумесна з цэнтральнымі і мясцовымі органамі ўлады і кіравання, а таксама з міжнароднымі арганізацыямі.

24 лютага 2018
Мінск


Беларуская нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства аб’ядноўвае больш за 70 арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі

Рэзалюцыя даступна на трох мовах: беларуская, руская, англійская.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *