У Савеце Рэспублікі прайшоў семінар па пытаннях развіцця асацыяцый мясцовых Саветаў

11 снежня 2018 г. прайшоў семінар па пытаннях развіцця асацыяцый мясцовых Саветаў дэпутатаў. Арганізатарам семінара быў Савет па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

У рабоце семінара прынялі ўдзел М.В. Мясніковіч, старшыня Савета Рэспублікі, А.А. Папкоў, старшыня Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Савета Рэспублікі, Даніэль Папеску (Daniel Popescu), дырэктар Дэпартамента па дэмакратычным кіраванні Савета Еўропы, група экспертаў Савета Еўропы, старшыні мясцовых Саветаў дэпутатаў абласнога, базавага і першаснага ўзроўняў, прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, грамадскіх арганізацыі, СМІ. АГА “Фонд імя Льва Сапегі” прадстаўляў старшыня Праўлення М.В. Кобаса.

 

Навошта патрэбныя асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў? Якія мэты і задачы ў гэтай арганізацыі?

Шмат хто ў асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў бачыць структуру, якая  працуе на прыцягненне інвестыцыйных праектаў. Так, гэта адзін з кірункаў  дзейнасці, але асноўная ідэя не ў гэтым. І ўвогуле, нам сёння не хапае разумення мэтаў і задач асацыяцыі. Тут неабходна дадатковае тлумачэнне.

Існуе два віда публічнай улады: дзяржаўнае кіраванне і мясцовае самакіраванне. Першае прадстаўляе і адстойвае інтарэсы дзяржавы, другое – інтарэсы насельніцтва.

Пагадзіцеся, што далёка не заўсёды гэтыя інтарэсы супадаюць. Дзяржаўнае кіраванне і мясцовае самакіраванне закліканы, у т.л. ураўнаважываць адзін адно. І важна, каб на ўсіх узроўнях прыняцця рашэнняў былі прадстаўлены як інтарэсы дзяржавы, так і інтарэсы грамадзян.

Інтарэсы дзяржавы прадстаўлены вельмі шырока, а як справы з прадстаўленнем інтарэсаў грамадзян у асобе органаў мясцовага самакіравання на дзяржаўным узроўні? Хто прадстаўляе інтарэсы грамадзян у працэсе падрыхтоўкі заканадаўчых актаў, бюджэта, пры вырашэнні пытанняў рэгіянальнага развіцця, камунальнай уласнасці, падатковай палітыкі і.г.д.?

Адказам на гэтыя пытанні, на жаль, з’яўляецца канстатацыя таго факту, што мясцовае самакіраванне на цэнтральным узроўні ўвогуле не мае свайго прадстаўніцтва!!!

На мясцовым узроўні інтарэсы грамадзян прадстаўляюць мясцовыя Саветы, як органы мясцовага самакіравання, а інтарэсы дзяржавы – выканкамы.

На центральным узроўні інтарэсы дзяржавы прадстаўлены міністэрствамі і ведамствамі, але няма прадстаўніцтва органаў мясцовага самакіравання.

А як жа Парламент? Гэта ж таксама прадстаўнічы орган! Так, але ў яго функцыі не ўваходзяць пытанні штодзённага забяспечвання жыццядзейнасці грамадзян.

У большасці еўрапейскіх краін органы мясцовага самакіравання на цэнтральным узроўні прадстаўлены Асацыяцыямі мясцовых самакіраванняў. Гэта адна з іх асноўных функцый, але не адзіная.

Трэба нагадаць, што ў Законе “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні” апісана сістэма мясцовай улады, якая падзелена на дзве часткі: сістэма дзяржаўнай адміністрацыі (тое, што мы называем мясцовым кіраваннем) і сістэма мясцовага самакіравання. Мясцовае кіраванне, якое з’яўляецца часткай дзяржаўнай вертыкалі ўлады, сёння значна мацнейшае за мясцовае самакіраванне – Саветы дэпутатаў і ў аб’еме паўнамоцтваў, і ў фінансава-эканамічным, і ў кадравым патэнцыяле.

Сітуацыя з мясцовымі Саветамі сёння такая, што ў іх фактычна не хапае ні фінансавых, ні кадравых рэсурсаў. Таму рэалізаваць тое, што напісана ў законе пра паняцце мясцовага самакіравання праблематычна. Дзе тады выйсце?

Але лепшы замежны вопыт краін Цэнтральнай Еўропы (Польшча, Чэхія, Венгрыя), Скандынавіі (Швецыя Данія, Фінляндыя) дэманструе, што мясцовае самакіраванне павінна быць больш развітым. Гэта азначае, што чым больш мясцовае самакіраванне самастойнае, самадастатковае і дасканае, тым больш высокім і больш якасным з’яўляецца ўзровень жыцця і дабрабыту грамадзян. Вельмі паказальным і пераканаўчым у гэтым з’яўляецца прыклад Польшчы.

Людзям трэба тлумачыць, што сапраўднае эфектыўнае мясцовае самакіраванне – не міф, а рэальнасць, якая заснавана на іх ініцыятыве і адказнасці. Што мясцовае самакіраванне – гэта іх права і рэальная магчымасць самастойна вырашаць мясцовыя пытанні, але гэта таксама адказнасць кожнага за тых людзей, якіх мы абіраем дэпутатамі, за тыя рашэнні, якія імі будуць прымацца, у тым ліку па распараджэнні агульнай камунальнай уласнасцю і бюджэтнымі сродкамі, гэта непасрэдны ўдзел у працэсе прыняцця рашэнняў. Безумоўна, што гэтыя развагі маюць сэнс і значэнне ў тым выпадку, калі грамадзянам права выбару не толькі гарантавана, але і рэальна забяспечана.

Зноў спытаем, хто павінен давесці спадзяванні супольнасці грамадзян да самых вярхоў і якім чынам? Кожны Савет будзе дзейнічаць паасобку? Напэўна, не! Хтосьці павінен акумуляваць і выказваць агульную волю органаў мясцовага самакіравання, і там, дзе ёсць заганы і праблемы, рабіць усё, каб яны былі зліквідаваныя. На пытанне “Хто гэта зробіць?” ёсць адказ “Асацыяцыя!”.

Другая функцыя – адукацыйна-кансультацыйная. Для таго, каб прапаноўваць шляхі развіцця мясцовага самакіравання, планаваць і арганізоўваць дзейнасць органаў мясцовага самакіравання, дэпутатам і супрацоўнікам органаў мясцовага самакіравання трэба разумець прыроду і крыніцу мясцовага самакіравання як з’явы, вельмі выразна і дакладна ўяўляць сабе мэты і задачы органаў мясцовага самакіравання, грунтаваць сваю дзейнасць на галоўным пастулаце – мясцовае самакіраванне арганізуецца і дзейнічае сыходзячы ў першую чаргу з інтарэсаў грамадзян. У той жа час мясцовае самакіраванне можа выконваць на пэўных умовах даручэнні органаў дзяржаўнага кіравання.

Трэцяя – развіццё міжнароднай дзейнасці. Навошта нам вынаходзіць кожнага разу ровар, калі ён ужо прыдуманы? З аднаго боку, нам трэба вывучаць станоўчы міжнародны вопыт і ўкараняць яго ў Беларусі з улікам існуючых у нас асаблівасцяў, з другога – засцерагчыся ад відавочных і прыхаваных памылак.

Чацвёртая функцыя – гэта інвестыцыі ў інтэлект праз арганізацыю адукацыйнай дзейнасці (семінары, круглыя сталы, канферэнцыі, навучальныя візіты, стажыроўкі) і грашовыя праекты (за перамай ў конкурсе ідуць і сродкі).

Калі грамадская арганізацыя, як наша, на рэалізацыю міні-праектаў ТАНДЭМ змагла ў суме прыцягнуць паўмільёна еўра, то такога роду орган як Асацыяцыя можа за адзін праект прыцягнуць суму, над якой мы працавалі 7 гадоў. Бо яна будзе прадстаўляць публічную галіну ўлады ўсёй краіны, калі весці гаворку аб Нацыянальнай асацыяцыі.

Яшчэ адна функцыя – абарона правоў і законных інтарэсаў сваіх членаў.

Самакіраванне – гэта публічная ўлада, якая не уваходзіць у сістэму дзяржаўных органаў. Але гэтую самастойнасць ні ў якім выпадку не варта ўспрымаць як адасобленасць або як структуру, накіраваную на супрацьстаянне.

Тут трэба разумець, што ўся эвалюцыя чалавецтва – спрадвечная барацьба ідэй: хтосьці прапануе адно, хтосьці нешта іншае, і ў выніку аб’яднання ідэй нараджаецца трэцяя ідэя – новая і лепшая. Гэты доўгі шлях трэба прайсці.

Асацыяцыя павінна ўдзельнічаць ва ўсіх вызначальных рашэннях, якія датычацца інтарэсаў самакіравання і яна па гэтых рашэннях павінна быць завадатарам.

Яшчэ адно важнае пытанне. На сёння дзве першыя асацыяцыі (Гродзенская і Магілёўская) былі сфармаваны па тэрытарыяльным прынцыпе. Што гэта азначае?

Кожны дэкларуе, што ў рамках сваёй вобласці будзе рабіць ўсё , каб у нас было лепш за ўсіх. Але калі ў кожнай з 6 абласцей будзе створана свая асацыяцыя і ў кожная будзе імкнуцца дасягнуць найлепшага выніку ў сваёй асобна ўзятай вобласці, а “пірог”, фігуральна кажучы, адзін, – то падобная сітуацыя не будзе дзейнічаць на кансалідацыю, а наадварот. А значыць і кансэнсусу будзе дабіцца цяжэй, і эфектыўнасць будзе ніжэй. А калі фармаваць асацыяцыі, не па тэрытарыяльнай прыкмеце, а па ўзроўні інтарэсаў (абласныя Саветы аб’ядноўваюцца ў адну структуру, раённыя – у іншую) – то эфект, на маю думку, будзе больш істотным.

Існуе яшчэ шмат іншых асаблівасцей і ўмоваў ад якіх залежыць паспяховая, устойлівая і эфектыўная праца органаў мясцовага самакіравання.

Выступы экспертаў Савета Еўропы былі прысвечаныя агляду і аналізу дзейнасці асацыяцый органаў мясцовага самакіравання ў краінах-сябрах Савета Еўропы.

Пытанні, выкладзеныя вышэй, замежны досвед, а таксама шматлікія фактары і нюансы стварэння і дзейнасці Асацыяцый, былі абмеркаваныя падчас семінара.

Вынікі семінара падвёў А.А. Папкоў, старшыня Пастаяннай камісіі па ссрэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Савета Рэспублікі. У прыватнасці, ён прапанаваў стварыць працоўную групу для падрыхтоўкі Статута Асацыяцыі і вырашэння іншых арганізацыйных пытанняў з мэтай актывізацыі Саветаў і скіраванай на стварэнне Асацыяцыі органаў мясцовага самакіравання.