Форум недзяржаўных арганізацый (НДА) Берасцейшчыны

8 снежня 2018 г. у Брэсце адбыўся Форум недзяржаўных арганізацый (НДА) Берасцейшчыны, арганізаваны Агенцтвам рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч” у партнёрстве з Асамблеяй НДА “Беларусі”.

У форуме бралі ўдзел актывісты шматлікіх арганізацый трэцяга сектара вобласці, прадстаўнікі і эксперты шэрагу рэспубліканскіх і замежных аб’яднанняў.

Праца Форуму прадугледжвала правядзенне трох блокаў у выглядзе панэльных дыскусій па актуальных тэмах, наўпрост звязаных з дзейнасцю НДА:

  • Фінансаванне недзяржаўных арганізацый;
  • Супрацоўніцтва недзяржаўных арганізацый са сродкамі масавай інфармацыі;
  • Узаемадзеянне недзяржаўных арганізацый з мясцовымі ўладамі.

Панэльныя дыскусіі ператварыліся ў жывую зацікаўленую размову ўдзельнікаў Форуму з экспертамі-панэлістамі пра сённяшні стан НДА Ў Беларусі і перспектывы развіцця іх дзейнасці, пра існуючыя перашкоды і дасягнутыя на гэтым шляху поспехі і перамогі.

У прыватнасці, у панэльнай дыскусіі, якая была датычна ўзаемадзеяння НДА з мясцовымі ўладамі, эксперты, сярод якіх быў прадстаўнік АГА “Фонд імя Льва СапегіАндрэй Завадскі, адзначылі асаблівасці працякання працэсаў паразумення і ўзаемадзеяння паміж мясцовымі органамі ўлады і арганізацыямі грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

Экспертамі было прааналізавана дзеючае заканадаўства аб НДА і мясцовым кіраванні і самакіраванні, а таксама практыку яго прымянення. Былі згаданы міжнародныя дакументы, такія як Кодэкс рэкамендаванай практыкі ўдзелу грамадзян у прыняцці рашэнняў на мясцовым узроўні і тыя перспектывы, якія адкрывае ажыццяўленне палажэнняў гэтага кодэксу ў Беларусі.

Эсперты і ўдзельнікі падзяліліся сваімі думкамі і досведам праектаў і ініцыятыў, рэалізаваных ва ўзаемадзеянні паміж НДА, грамадзянскімі рухамі і ініцыятывамі і мясцовымі органамі ўлады ў сферы сацыяльнай палітыкі, адукацыі, культуры і экалогіі.

Выступы сведчылі пра тое, што апошнія гады назіраецца сітуацыя адноснай лібералізацыі дзейнасці ўладных структур рознага ўзроўню ў дачыненні да недзяржаўных арганізацый і гэтай магчымасцямі НДА павінны ўмела карыстацца на карысць дасягнення сваіх мэтаў і вырашэння задач грамадскага сектару.

Адначасова было адзначана, што практыка ўзаемадзеяння паміж НДА і мясцовымі органамі ўлады яшчэ далёка ад ідэалу, вельмі часта абапіраецца на суб’ектыўны фактар разумення ці неразумення тым ці іншым кіраўніком або супрацоўнікам органа ўлады неабходнасці і сутнасці ўзаемадзеяння і партнёрства з грамадзянамі ў вырашэнні актуальных, а часам, вострых задач мясцовага значэння.

У выступах гучала, што працягвае захоўвацца вялікая розніца ў стаўленні ўладаў да дзейнасці НДА сацыяльнага характару, ці тых хто выступае з лаяльных да ўлады пазіцый, і тых НДА, якія ставяць у сваёй дзейнасці вострыя праблемы грамадска-палітычнага гучання, адстойваюць пазіцыі, што не супадаюць з пазіцыямі ўладных колаў і т.п. Таму, часам, супрацьстаянне (у тым ліку і нематываванае) па асобных пытаннях транслюецца на ўсю дзейнасць недзяржаўнай арганізацыі і перашкаджае сумеснаму з уладамі вырашэнню надзённых мясцовых пытанняў.

Гэта сведчыць па адсутнасць належнай устойлівасці працесаў узаемадзеяння на мясцовым узроўні, аб іх залежнасці не столькі ад палажэнняў закону, колькі ад уяўленняў, адукацыі, шырыні мыслення і ўспрыняцця рэчаіснасці канкрэтнай асобы, надзеленай уладнымі паўнамоцтвамі.

З другога боку дзейнасць НДА і грамадскіх дзеячаў часам недастаткова падмацавана валоданнем асновамі культуры дыялогу, належным тактычным і стратэгічным бачаннем перспектываў развіцця і шляхоў дасягнення поспеху, веданнем разнастайнасці сучасных прыёмаў працы з мясцовымі ўладамі.

Падчас Форуму паміж панэльнымі дыскусіямі было праведзена вызначэнне і ўзнагароджванне пераможцаў абласнога конкурсу “Валанцёр года”, прэзентацыя праектаў удзельнікаў конкурсу “Праект года” і вызначэнне яго пераможцаў.

Таксама былі праведзены варкшопы на тэмы “Бяспека мабільнага тэлефона грамадскага актывіста” і “Speed dating”, падчас якіх удзельнікі Форуму здолелі лепш пазнаёміцца адзін з адным і закласці асновы свайго далейшага супрацоўніцтва.

Па выніках Форуму яго ўдзельнікі абмеркавалі і прынялі заяву да беларускіх уладаў, у якой выказалі прапановы па ўдасканаленні заканадаўства аб грамадскіх аб’яднаннях і практыкі яго рэалізацыі згодна з агульна вызнанымі дэмакратычнымі прынцыпамі. Заклікалі органы ўлады рознага ўзроўню да больш шчыльнага і зацікаўленнага ўзаемадзення, пабудаванага на глебе даверу, узаемапавагі і партнёрства на карысць беларускага грамадства.

Форум НДА Берасцейшчыны быў завершаны цудоўным канцэртам, на якім гучалі беларускія спевы Брэсцкага фолк рок гурта “Cad Goddeu”.

Фота: dzedzich.org