Орша: Круглы стол па пытанні грамадскіх абмеркаванняў

12 студзеня 2019 г. у г. Орша адбыўся круглы стол на тэму “Аб зменах у заканадаўстве пры правядзенні грамадскіх абмеркаванняў”. Арганізатарам круглага стала Аршанскае прадстадстаўніцтва Праваабаронча-асветніцкага грамадскага аб’яднання Рух “За свабоду”. Удзельнікамі круглага стала былі актывісты і прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, грамадзянскіх рухаў і ініцыятываў з Оршы, Барані, Балбасава ды іншых населенных пунктаў Аршанскага раёну.

Адкрыў круглы стол вядомы грамадскі дзеяч Аршаншчыны, сябра Руху “За Свабоду” і Асветніцкага грамадскага аб’яднання “Фонд імя Льва Сапегі” Юрый Нагорны, які зазначыў актуальнасць павышэння грамадзянскага ўдзелу на мясцовым узроўні ў вырашэнні існуючых праблем мясцовага значэння. Асаблівую ўвагу на яго думку неабходна надаць такім эфектыўным формам грамадзянскай актыўнасці, як звароты грамадзян да органаў улады, а таксама правядзенню публічных грамадскіх абмеркаванняў па пытаннях архітэктуры, горадабудаўніцтва і экалогіі.

Аршанскі грамадскі актывіст, сябра Руху “За свабоду” і вядомы краязнаўца Ігар Казьмярчак распавёў прысутным аб гісторыі правядзення ў апошнія гады грамадскіх абмеркаванняў у гарадах Оршы і Барані, пра грамадскі вопыт, набыты актывістамі дэмакратычных арганізацый і рухаў падчас іх арганізацыі і правядзення, пра існуючыя хібы ў практыцы правядзення грамадскіх абмеркаванняў мясцовымі органамі ўлады.

У першую чаргу было адзначана, што грамадскія абмеркаванні праводзяцца ўладамі не на пачатку праектавання, а на яго завершальным этапе, калі цяжка ці ўжо немагчыма ўнесці ў праект прынцыповыя змены, якія, на думку зацікаўленай грамадскасці, дазволяць выправіць памылкі ці ў належнай ступені ўлічыць інтарэсы грамадзян.

Таксама терміны абмеркавання, парадак і тэрміны азнаямлення з праектнай дакументацыяй часта не дазваляюць грамадзянам адпаведным чынам вывучыць прапанаваны праект і падрыхтаваць неабходныя прапановы паправак, зменаў і дадаткаў.

Інфармаванне грамадзян з боку ўлады пра запланаваныя грамадскія абмеркаванні вельмі часта адбываецца фармальна і без рэальнага ахопу ўсіх патэнцыяльна зацікаўленых асобаў, сацыяльных, тэрытарыяльных ці прафесійных груп насельніцтва, што ў рэшце рэшт негатыўна адбіваецца на выніках грамадскіх абмеркаванняў, няўліку сапраўднай грамадскай думкі і цягне за сабой незадаволенасць і абуранасць грамадзян.

Прадстаўнік АГА “Фонд імя Льва Сапегі” Андрэй Завадскі з Мінску выступіў з презентацыяй “Заканадаўчыя асновы ўдзелу ў грамадскіх абмеркаваннях”. Экспертам было адзначана, што доступ да інфармацыі, у тым ліку да інфармацыі экалагічнага і горадабудаўнічага характара, з’яўляецца неабходнай умовай удзелу грамадскасці ў працэсе прыняцця значных рашэнняў у гэтых сферах. Толькі належны ўдзел грамадскасці можа з’яўляцца гарантыяй прыняцця больш-менш бездакорных і экалагічна бяспечных рашэнняў.

Права на атрыманне, завахаванне і распаўсюд поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі грамадзянам Беларусі гарантаваны арт. 34 Канстытуцыі, а таксама шэрагам іншых заканадаўчых актаў. Доступ грамадзян да інфармацыі, удзел грамадскасці ў працэсе прыняцця рашэнняў і доступ да правасуддзя па пытаннях, што тычацца навакольнага асяроддзя з’яўляюцца асноватворнымі прінцыпамі ў Орхускай канвенцыі, якая дзейнічае у Беларусі яшчэ з 30 кастрычніка 2001 года.

Выступоўца адзначыў, што правядзенне грамадскіх абмеркаванняў нарматыўна замацавана ў законах Беларусі “Аб ахове навакольнага асяроддзя”, ”Аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці”.

Важную ролю адыгрывае Палажэнне “Аб парадку распрацоўкі, узгаднення і зацвярджэння горадабудаўнічых праектаў, праектнай дакументацыі”, зацверджанае Пастановай Савета Міністраў ад 8 кастрычніка 2008 г. №1476 (у рэд. ад 1 чэрвеня 2011 г. № 687), пункты 16 і 17 якога ўтрымліваюць наступныя нормы:

“Горадабудаўнічыя праекты ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку падлягаюць грамадскаму абмеркаванню”;

“Горадабудаўнічыя праекты ўсіх відаў і ўзроўняў пасля ўзгаднення і правядзення ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку грамадскага абмеркавання ў выпадках, вызначаных заканадаўствам, падвяргаюцца дзяржаўнай экалагічнай экспертызе, дзяржаўнай экспертызе энергетычнай эфектыўнасці, дзяржаўнай экспертызе”.

Працэдура правядзення саміх грамадскіх абмеркаванняў павінна адбывацца згодна с Палажэннямі, што зацверджаны наступнымі Пастановамі Савета Міністраў, а менавіта:

  • Аб парадку правядзення грамадскіх абмеркаванняў ў галіне архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці” ад 1 чэрвеня 2011 г. №687 (у рэд. ад 13 студзеня 2017 г. №24);
  • “Аб парадку арганізацыі і правядзення грамадскіх абмеркаванняў праектаў экалагічна значных рашэнняў, справаздач аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, уліку прынятых экалагічна значных рашэнняў” ад 14 чэрвеня 2016 г. №458 (у рэд. ад 13 студзеня 2017 г. №24);

Апроч таго, Пастановай Савета Міністраў ад 19 студзеня 2017 г. №47 быў зацверджаны шэраг Палажэнняў, змест якіх развівае нормы Закона “Аб дзяржаўнай экалагічнай экспертызе, стратэгічнай экалагічнай ацэнцы і ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе” для належнага технічнага, арганізацыйнага і інфармацыйнага забяспячэння працэдуры грамадскага абмеркавання таго ці іншага праекта, аб’екта ці прынятага раней рашэння. Прынамсі – гэта Палажэнні:

  • “Аб парадку правядзення дзяржаўнай экалагічнай экспертызы”;
  • “Аб парадку правядзення ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе”;
  • “Аб парадку правядзення стратэгічнай экалагічнай ацэнкі”.

Прынцыповыя палажэнні згаданых дакументаў былі разгледжаны ўдзельнікамі круглага стала і суаднесены з практыкай выканання.

Дадаткова Андрэй Завадскі зрабіў агляд аднаго з найважнейшых еўрапейскіх дакументаў, які рэгламентуе ўдзел грамадзян на мясцовым узроўні – Кодэкса рэкамендаванай практыкі грамадзянскага ўдзелу ў працэсе прыняцця рашэнняў. Гэты дакумент быў падрыхтаваны і прыняты пад началам Савета Еўропы Канферэнцыяй міжнародных няўрадавых арганізацый 1 кастрычніка
2009 г.

Кодэкс, са зместам і прынцыпамі якога згодны ўсе еўрапейскія краіны, вызначае мэты і задачы ўдзелу грамадзян, усталёўвае агульныя параметры, прынцыпы і ўмовы грамадзянскага ўдзелу. У прыватнасці, у ім тлумачыцца сэнс такіх прынцыпаў, як:

  • забеспячэнне даступнасці ўдзелу грамадзян у прыняцці рашэнняў на мясцовым узроўні;
  • стварэнне атмасферы даверу паміж грамадзянамі і органамі ўлады;
  • забеспячэнне транспарэнтнасці (празрыстасці) і падсправаздачнасці ў дзейнасці органаў улады, у першую чаргу, мясцовых;
  • гарантаванне незалежнасці, гэта значыць непадпарадкаванасці грамадзян і іх аб’яднанняў органам улады ў працэсе падрыхтоўкі і прыняцця рашэнняў.

Дадзены дакумент вызначае этапы (крокі), якія існуюць у працэсе прыняцця і выкананання рашэнняў, а менавіта: вызначэнне парадку дня, падрыхтоўка (распрацоўка) рашэння, прыняццё рашэння, выкананне рашэння, маніторынг і ацэнка прынятага рашэння, перагляд і ўнясенне карэктываў у раней прынятае рашэнне.

У кодэксе дэталёва разгледжаны разнастайныя ўзроўні ўдзелу грамадзян пры вырашэнні мясцовых праблем. Ад самых простых да больш складаных іх можна прадставіць наступным чынам:

  • інфармаванне грамадзян органамі ўлады;
  • кансультаванне органаў улады з грамадзянамі;
  • налажванне ўзаемазацікаўленнага дыялогу паміж грамадзянамі і органамі ўлады;
  • стварэнне атмасферы партнёрства, узаемадзеяння і ўзаемаадказнасці пры сумесным вырашэнні агульных справаў.

Кодэкс рэкамендаванай практыкі грамадзянскага ўдзелу ў працэсе прыняцця рашэнняў прапануе для практычнага выкарыстання спецыяльную матрыцу грамадзянскага ўдзелу. Матрыца дэманструе ўзаемазвязаныя аспекты ўдзелу грамадзян і органаў улады ў працэсе прыняцця рашэнняў. Яна заснавана на рэкамендаванай практыцы і на прыкладах дзейнасці грамадзянскай супольнасці па ўсёй Еўропе і заклікана натхніць працу, а таксама ўмацаваць узаемадзеянне паміж грамадзянамі, іх аб’яднаннямі і органамі ўлады.

Дадзеная матрыца можа быць выкарыстана як пры планаванні ўдзелу грамадзян, іх недзяржаўных аб’яднанняў і іншых структур грамадзянскай супольнасці ў публічнай дзейнасці, падчас самой дзейнасці, звязанай з грамадскім удзелам, а таксама для ацэнкі свайго ўдзелу на канкрэтным этапе працэса і па яго выніках.

Вынікам круглага стала стала абмеркаванне праекта дакумента з прапановамі па ўнясенні ў Палажэнне “Аб парадку распрацоўкі, узгаднення і зацвярджэння горадабудаўнічых праектаў, праектнай дакументацыі”, зацверджанае Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад
8 кастрычніка 2008 г. №1476 (у рэд. ад 1 чэрвеня 2011 г. № 687), паправак, зменаў і дапаўненняў.

У прыватнасці, прапануецца, каб да правядзення грамадскага абмеркавання інфармацыя аб пачатку распрацоўкі праектаў была ў абавязковым парадку размешчана мясцовым выканаўчым і распарадчым органам на сваім афіцыйным сайце ў сетцы Інтэрнет, на інфармацыйных стэндах, згаданага органа, а таксама ў друкаваных сродках масавай інфармацыі.

Інфармацыя аб пачатку распрацоўкі праектаў павінна ўтрымліваць наступныя звесткі: назву праекта, мэты яго распрацоўкі, заказчыка праекта, з пазначэннем яго паштовага і электроннага адрасаў, запланаваныя тэрміны распрацоўкі праекта.

Прапановы (папраўкі, змены і дапаўненні) па праектах накіроўваюцца заказчыку праекта зацікаўленымі фізічнымі (у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі) і юрыдычнымі асобамі на працягу аднаго месяца з дня апублікавання інфармацыі аб пачатку распрацоўкі праекта. Заказчык разглядае прапановы і прымае рашэнне па іх рэалізацыі. Матываваны адказ аб выніках разгляду прапановаў да праекта дасылаецца заказчыкам да аўтараў прапановаў у тэрмін да 15 дзён з моманту атрымання прапановаў.

Інфрамацыя аб зацвярджэнні праекта з пазначэннем тэрмінаў яго рэалізацыі, а таксама графічныя і тэкставыя матэрыялы па праекту, за выключэннем звестак, аднесеных заканадаўствам да дзяржаўных сакрэтаў і службовай інфармацыі абмежаванага распаўсюджвання, размяшчаюцца на афіцыйным сайце мясцовага выканаўчага і распарадчага органа ў сетцы Інтэрнет на тэрмін реалізацыі праекта.

Пасля зацікаўленага абмеркавання дакумента і шэрагу выказанных да яго заўваг, удзельнікі круглага стала прынялі за аснову праект прапановаў па ўнясенні паправак, зменаў і дапаўненняў ў Палажэнне “Аб парадку распрацоўкі, узгаднення і зацвярджэння горадабудаўнічых праектаў, праектнай дакументацыі”. Дапрацаваны дакумент з прапановамі будзе накіраваны ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.