Выніковая канферэнцыя праекта “TANDEM-IV”

1 сакавіка 2019 г. адбылася завяршальная канферэнцыя праекта “TANDEM-IV – супрацоўніцтва дзеля ўдзелу грамадзян у мясцовых супольнасцях у Рэспубліцы Беларусь” падчас якой былі прэзентаваныя вынікі 11 малых праектаў, рэалізаваных дзякуючы падтрымцы Еўрапейскай асацыяцыі мясцовай дэмакратыі – ALDA.

Канферэнцыя пачалася з вітальнага выступа Александру Койка, прадстаўніка Еўрапейская асацыяцыі мясцовай дэмакратыі – ALDA, рэгіянальнага каардынатара па праграмах Усходняга Партнёрства, пасля чаго Міраслаў Кобаса, Старшыня Праўлення АГА “Фонд імя Льва Сапегі”, прывітаў удзельнікаў канферэнцыі і распавёў пра досвед рэалізацыі праграмы TANDEM–IV і дасягненняў у сферы развіцця ўзаемадзеяння на мясцовым узроўні.

Асноўную частку канферэнцыі склалі прэзентацыі вынікаў 11 праектаў, рэалізаваных у межах праграмы TANDEM-IV.

Прадстаўнічкі грамадскага аб’яднання “Кобрынскі клуб дзелавых жанчын “Бона” Алена Мезенцава (каардынатарка) і Ала Сапежынская (старшыня арганізацыі) распавялі пра рэалізацыю праекта “З клопатам пра бліжняга“.

Праект быў рэалізаваны ў Батчынскім сельсавеце Кобрынскага раёна і дапамог жыхарам Батчынскага сельсавета добраўпарадкаваць пляцоўкі для камунікацыі – месцаў чакання аўталавак ў шасці вёсках (Паляцічы, Батчы, Андронава, Шыповічы, Літвінкі і пасёлку Фруктовы), а таксама зоны адпачынку са сцэнай у р-не вул.Цэнтральнай пасёлка Птушкафабрыка.

Праект “Захаваем спадчыну разам” быў рэалізаваны грамадскай ініцыятывай “Дубрава” ў г. Дуброўна Віцебскай вобласці. У межах праектнай дзейнасці быў добраўпарадкаваны раней занядбаны гарадскі парк Ліпкі.

Не гледзячы на тое, што праект быў падтрыманы ў межах Лота Б, дзе была магчыма самастойная рэалізацыя ініцыятыў НДА ці мясцовымі органамі ўладаў, праект быў рэалізаваны ў сціслым супрацоўніцтве з Дубровенскім райвыканкамам. На фота – Сяргей Ціценкоў (грамадская ініцыятыва “Дубрава”) і Людміла Дударава (Дубровенскі райвыканкам).

Ашмянскі райвыканкам сумесна з Грамадскім саветам Музея Дугі Струвэ рэалізаваў праект “Дуга Струвэ – спадчына стагоддзяў“. Дзейнасць праекта адбывалася ў аг.Гальшаны і была скіравана на захаванне культурнай спадчыны, прыцягненне грамадзян у вырашэнне праблем на мясцовым узроўні і павышэнне сацыяльнай актыўнасці моладзі і добраўпарадкаванне геадэзічных пунктаў і развіццё музея Дугі Струвэ.

На фота дасведчаная каманда праекта – Сяргей Жылік, Людміла Каханоўская і Марына Мантур.

Праект “Кармянскі край – магчымасці для ўсіх” быў рэалізаваны Кансалтынгавай ўстановай “Сацыяльныя тэхналогіі бізнэса” сумесна з Кармянскім райвыканкамам (Гомельская вобласць), прадстаўнічак якіх, Галіну Мацюшэнка і Алену Лешчанок адпаведна, вы бачыце на фота.

У межах праекта была створана інфраструктура для актыўнага і здаровага адпачынку, а таксама раённага грамадскага цэнтра адукацыі дарослых, дабраўпарадкаваны бераг возера, адбывалася развіццё ўзаемадзеяння паміж грамадзянамі, грамадскімі арганізацыямі, структурамі бізнэса і мясцоўвымі органамі ўлады ў Кармянскім раёне.

У межах праекта “Будучыня – гэта мы”, рэалізаванага Смаргонскім мясцовым дабрачынным фондам “Паўночныя Афіны М.К. Агінскага” у супрацоўніцтве з Залескім сельскім Саветам Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці, вялася дзейнасць па павышэнню патэнцыялу моладзі аг. Залессе праз прыцягненне яе да мясцовага самакіравання і працэсы вырашэння пытанняў на мясцовым узроўні, развіццю моладзевага самакіравання праз рэалізацыю мерапрыемстваў у сферы гістарычнай і культурнай спадчыны аг. Залессе і папулярызацыю здаровага ладу жыцця, развіццё ўзаемадзеяння моладзевага самакіравання, грамадскасці і мясцовых органаў улады ў вырашэнні бягучых праблем аг. Залессе і распрацоўцы роварнага шляху, стварэнню спартовай пляцоўкі, выданню кнігі па краязнаўстве.

Падзяку за дзейнасць у межах праекта атрымалі Ала Шыцікава (каардынатарка праекта) і Зянон Грышкевіч (Старшыня Залескага сельсавета).

Прыватная даследча-асветніцкая ўстанова “Цэнтр экалагічнага выхавання і развіцця” сумесна з Мачулішчанскім пасялковым выканкамам  рэалізавалі праект “Мачулішчы – экасупольнасць людзей, сокалаў і соснаў”.

Прыцягненне грамадзян у працэс прыняцця рашэнняў мясцовага значэння праз прыродаахоўную, культурна-адукацыйную і эколага-асветніцкую дзейнасць адбывалася праз павышэнне экалагічнай культуры і сацыяльнай актыўнасці жыхароў і стварэнне турыстычнай інфраструктуры: экасцежкі, магчымасцяў абароны рэдкіх відаў флоры і фаўны, добраўпарадкаванне ляснога парка. Рэалізацыя сталася магчымай дзякуючы развіццю камунікацыі і ўсталяванню эфектыўнага ўзаемадзеяння паміж мясцовымі органамі ўлады і грамадзянамі. На фота – адказны каарднатар праекта Руслан Шайкін.

Праект “Экатур у Шангры-Ла” адбыўся дзякуючы Мясцоваму фонду развіцця “Старт-Усход”. У межах праекта ў в.Брылёўка Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці былі рэалізаваныя мерапрыемствы ў сферы аховы ўнікальнага прыроднага комплексу (дэндрапарк) і паляпшэння экалагічнага стану прыроднага асяроддзя, прайшло добраўпарадкаванне дэндрапарка і адбыліся мерапрыемствы па абароне рэдкіх відаў флоры і фаўны.

Каардынатар праекта – Мікалай Лістападаў (Мясцовы фонд развіцця “Старт-Усход”), у рэалізацыі праекта ўдзельнічаў таксама Краснапольскі Савет дэпутатаў, які на канферэнцыі прадстаўляла Гоман Анжэліка.

Інфармацыйна-асветніцкая ўстанова ўстойлівага развіцця “Зялёны абярэг” разам з Парэчанскім сельвыканкамам рэалізавалі праект “Дакрануцца да прыроды” ў в. Новая Руда.

Ідэя праекта палягала ў спрыянні сацыяльнай адаптацыі людзей з парушэннямі зроку, фарміраванні экалагічных ведаў, культуры і беражлівага стаўлення да навакольнага асяроддзя, атрыманні досведу бяспечных паводзінаў у сацыяльным і прыродным асяроддзі. Сярод мерапрыемстваў праекта асноўным стала стварэнне экасцежкі для людзей з аслабленым зрокам. Праект не мог бы адбыцца без асабістага ўдзелу Галіны Марозік (“Зялёны абярэг”) і Дзмітрыя Марозіка (ДПУ “Республіканскі ландшафтны заказнік “Азёры”).

Наталля Парэчына з “Цэнтра экалагічных рашэнняў” стварала аб’яднала суседзяў і адзінадумцаў у аг.Гатава дзеля рэалізацыі праекта “Добрасуседства – разам створым двор сваёй мары!”. Праект быў рэалізаваны разам з Мінскім райвыканкамам (аг. Гатава).

Задачамі праекта было развіццё грамадзянскага ўдзелу праз рэалізацыю грамадскай ініцыятывы, скіраванай на добраўпарадкаванне дваравой тэрыторыі дамоў 14, 16 і 18 па вул. Металургічнай у аг. Гатава, фарміраванне ў грамадзян практычных навыкаў экапрыязнага карыстання, развіццё ўзаемадзеяння грамадзян і арганізацый грамадзянскай супольнасці з мясцовымі органамі ўлады і накапленне імі практычнага досведу ў вырашэнні бягучых праблем аг. Гатава і стварэнне на дваравой тэрыторыі дзіцячай і спартовай пляцоўкі.

У Слоніме Віктар Марчук і Павел Севасцьян са Слонімскага грамадскага аб’яднання ўстойлівага развіцця “Мінолс” уласным прыкладам паказалі, што “Вялікія справы пачынаюцца з малых“, рэалізуючы аднайменны праект.

Праект быў скіраваны на развіццё грамадскага ўдзелу праз добраўпарадкаванне ўнутрыдамавой тэрыторыі аднаго з двароў у Слоніме, а таксама на фарміраванне асноваў экалагічнай пісьменнасці мясцовага насельніцтва і паляпшэнне экалагічнага становішча прыроднага асяроддзя ў гэтым мікрараёне. Праект быў рэалізаваны ў супрацоўніцтве з гарадскім Цэнтрам моладзі.

Аляксандр Варыкіш з Мясцовага фонда “Краіна замкаў” рэалізаваў праект “Голас гісторыі” ў аг.Гальшаны.

Праект быў скіраваны на развіццё турыстычнай інфраструктуры праз адраджэнне гісторыка-культурнай спадчыны, добраўпарадкаванне старых габрэйскіх могілак і Гальшанскага гарадзішча, а таксама пабудову 3D макетаў шэрагу гістрарычных архітэктурных аб’ектаў у аг.Гальшаны і аг.Крэва.

Праект TANDEM-IV рэалізаваўся АГА “Фонд імя Льва Сапегі” ў супрацоўніцтве з Еўрапейскай асацыяцыяй мясцовай дэмакратыі – ALDA з кастрычніка 2018 г. па сакавік 2019 г. Ён значна паўплываў на развіццё зацікаўленасці мясцовых уладаў да рэалізацыі ініцыятыў грамадзян. На завяршальнай канферэнцыі прысутнічаў Анатолій Мацюлін, Старшыня Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў, які не толькі распавёў пра дзейнасць сваёй арганізацыі, але і адзначыў вялікую значнасць грамадскіх ініцыятыў для развіцця мясцовага самакіравання ў Беларусі.

Азнаёміцца з прэзентацыямі праектаў, рэалізаваных у межах праекта TANDEM-IV можна па спасылцы.