Як заўжды нечакана прыйшла балючая навіна – не стала Юрыя Варонежцава!

Не стала выдатнага грамадскага дзеяча, шчырага сябра, надзейнага паплечніка, чалавека прынцыповых дэмакратычных поглядаў, высокага ўзрозню спецыяліста ў сферы, фізікі, экалогіі і ядзернай бяспекі, клапатлівага мужа і бацькі, а галоўнае вельмі мужнага і нязломнага чалавека.

Яшчэ ў савецкія часы Юрый Іванавіч шмат чаго дасягнуў па сваёй асноўнай спецыяльнасці, як вучоны-фізік. Апублікаваў каля 50 навуковых работ і дзве манаграфіі, з’яўляўся аўтарам больш 30 вынаходніцтваў, у 1986 годзе стаў лаўрэатам прэміі камсамола Беларусі ў галіне навукі і тэхнікі.

Чарнобыльская трагедыя, крута змяніла жыццё Юрыя Варонежцава ў сярэдзіне 80-х. Непасрэдны ўдзел у даследаванні прычын катастрофы, выпрацоўка мер па пераадоленні яе наступстваў і ахове жыцця насельніцтва незваротна пераўтварылі яго – навукоўца-фізіка, кандыдата тэхнічных навук у выдатнага грамадска-палітычнага і дзяржаўнага дзеяча.

Дзякуючы набытаму прафесійнаму і грамадскаму аўтарытэту Юрый Іванавіч у 1989 годзе на першых сапраўдных дэмакратычных выбарах быў абраны ад Гомеля на З’езд Народных дэпутатаў СССР і ўвайшоў у склад Вярхоўнага Савета.

У Вярхоўным Савеце СССР ён працаваў членам Камісіі па экалогіі, старшынёй Падкамітэта па экалагічных праблемах прамысловасці краіны, адказным сакратаром Камісіі Вярхоўнага Савета па разглядзе прычын аварыі на Чарнобыльскай АЭС і аценцы працы службовых асобаў у пасляаварыйны перыяд. Адказваў за распрацоўку Праграмы пераадолення наступстваў Чарнобыльскай катастрофы і адпаведных законаў.

На Першым З’ездзе Народных дэпутатаў СССР разам з Андрээм Сахаравым, Васілём Быкавым, Алесем Адамовічам, Гаврыілам Паповым, Юрыям Афанасьевым, Галінай Старавойтавай, Анатолем Сабчаком, Барысам Ельцыным, Аляксандрам Дабравольскім, Віктарам Карнеенкам і яшчэ больш, чым трыма сотнямі дэпутатаў – праціўнікаў панавання КПСС, Юрый Варонежцаў увайшоў у склад Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы – першай дэмакратычнай парламенцкай апазіцыі ў СССР.

У жніўні 1991 года падчас путча Дзяржаўнага Камітэта па Надзвычайным Становішчы (ГКЧП) ён браў удзел у абароне Белага дому ў Маскве. Пасля падаўлення путча Юрый Варонежцаў быў абраны на пасаду намесніка старшыні Савета Саюза Вярхоўнага Савета СССР, якую займаў да распаду Савецкага Саюза.

Пасля вяртання ў Гомель працаваў у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі загадчыкам лабараторыі. Але грамадска карысная дзейнасць Стала асноўнай для Юрыя Іванавіча на ўсё астатняе жыццё.

Пэўны час ён з’яўлялся выканаўчым дырэктарам Гомельскага аддзялення прадстаўніцтва Фонда Сораса ў Беларусі.

Быў адным з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускага Сацыальна-экалагічнага саюза «Чарнобыль» і яшчэ некалькіх беларускіх НДА, грамадскіх рухаў і ініцыятываў.

У складзе грамадскага руху «Навукоўцы за бяз’ядзерную Беларусь» браў удзел у арганізацыі пратэстаў супраць будаўніцтва Беларускай АЭС. Уваходзіў у грамадскую камісію, якая дала адмоўнае заключэнне пра магчымасць гэтай будоўлі ў Беларусі. Быў аўтарам законапраекта “Аб экалагічнай бяспецы грамадзян”

З’яўлялся членам Беларускай асацыяцыі журналістаў, аўтарам некалькіх сотняў публікацый у беларускіх і замежных выданнях.

Быў адным са стваральнікаў у 1990 г. і членаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі Беларусі. З пачатку 2010 г. – член грамадскага руху “Гавары праўду”.

На пряцягу двух апошніх дзесяцігоддзяў неаднаразова падвяргаўся пераследам беларускіх спецслужбаў.

У 1992 годзе Юрый Варонежцаў стаў адным з заснавальнікаў і кіраўнікоў Асветніцкага грамадскага аб’яднання “Фонд імя Льва Сапегі”. Ён стала з’яўляўся членам Праўлення аб’яднання і кіраўніком яго Гомельскага прадстаўніцтва, а пэўны час выконваў абавязкі намесніка старшыні Праўлення аб’яднання.

За гэты час да ўсіх сваіх якасцей Юрый Іванавіч дадаў яшчэ адну – стаў сапраўдным дзеячом і кваліфікаваным экспертам еўрапейскага ўзроўню ў сферы мясцовага самакіравання.

Прафесійна дакладная, прянцыповая і эмацыйна вывераная пазіцыя Юрыя Воронежцава падчас сустрэч і дыскусій, семінараў і канферэнцый у Беларусі і за яе межамі заўсёды несла канструктыўнае развіццё і вяла да знаходжання вернага рашэння і кончатковага поспеху.

З удзелам Юрыя Іванавіча было рэлізавана больш 10 міжнародных і значная колькасць беларускіх праектаў, звязаных з развіццём у Беларусі рэальнага і эфектыўнага мясцовага самакіравання, успрыняццём карыснага еўрапейскага і сусветнага досведу, укараненнем лепшых практык грамадзянскага ўдзелу ў вырашэнні актуальных і першачарговых праблем мясцовага ўзроўню.

Дзесяткі публікацій, прысвечаных праблемам і розным аспектам мясцовага самакірання, выйшлі з пад пяра Юрыя Варонежцава за гэты час.

Цяжкая хвароба, з якой Юрый Іванавіч Варонежцаў мужна змагаўся на працягу апошніх десяці гадоў, заўчасна абарвала яго жыццё. Але светлая памяць аб гэтым чалавеку, прафесіяналу і грамадзяніну будзе жыць у сэрцы і памяці ўсіх, хто ведаў, працаваў, сустракаўся і сябраваў з ім.