Limon Tour World Guide Tranzito DriveZona

+375 17 286 32 44

27 верасня 2017 г. у г. Смаргонь адбыўся семінар “Практыка ўдзелу грамадзян у прыняцці рашэнняў на мясцовым узроўні”.

Удзел грамадзян у вырашэнні мясцовых пытанняў у значнай колькасці еўрапейскіх краін за апошнія гады атрымаў высокую адзнаку і павагу з боку грамадзянскай супольнасці. Але не менш важным з’яўляецца і тое, што высокая адзнака грамадзянскага ўдзелу таксама сыходзіць з боку цэнтральнай і мясцовай улады.

Удзел грамадзян дапамагае прымаць мясцовым уладам больш якасныя рашэнні, рэалізаваць свае права на мясцовае самакіраванне, адыходзіць ад патэрналісцкіх настрояў і больш абапірацца на свае сілы і традыцыі грамады.

Семінар быў падрыхтаваны і праведзены АГА “Фонд імя Льва Сапегі” сумесна са Смаргонскім мясцовым дабрачынным фондам “Паўночныя Афіны Міхала Клеафаса Агінскага” і Смаргонскім раённым Саветам дэпутатаў пры падтрымцы Фонда імя Фрыдрыха Эберта ў межах праграмы па развіццю ў Беларусі мясцовага самакіравання і грамадзянскай супольнасці.

У семінары прынялі ўдзел 25 чалавек – дэпутаты раённага і сельскіх Саветаў Смаргонскага раёна, старасты вёсак, прадстаўнікі дзяржаўных арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў раёна, а таксама прадстаўнікі Вілейскага раённага Савета дэпутатаў і Ашмянскага раённага выканаўчага камітэта, эксперты АГА “Фонд імя Льва Сапегі” з Мінска.

Адкрылі семінар Старшыня Смаргонскага раённага Савета дэпутатаў Іван Рамановіч і Ала Шыцікава, дырэктар Смаргонскага мясцовага дабрачыннага фонда “Паўночныя Афіны Міхала Клеафаса Агінскага”. Іван Рамановіч пасля вітальных словаў удзельнікам семінара прапанаваў ім яскравую прэзентацыю Смаргонскага раёна ў галіне сацыяльна-культурнай і грамадскай дзейнасці, захаванні і адраджэнні народных і гістарычных традыцый.

Міраслаў Кобаса, старшыня АГА “Фонд імя Льва Сапегі” з дапамогай змястоўнай прэзентацыі распавёў пра досвед узаемадзеяння грамадзян і мясцовых органаў улады ў вырашэнні пытанняў на мясцовым узроўні на прыкладзе праекта “ТАНДЭМ”. Гэты і шэраг іншых праектаў, аснову якіх складае рэалізацыя мясцовых грамадзянскіх ініцыятываў, на працягу апошніх год паспяхова рэалізуюцца ў розных рэгіёнах Беларусі Еўрапейскай асацыяцыяй мясцовай дэмакратыі – ALDA пры ўдзеле АГА “Фонд імя Льва Сапегі”. 

Галоўнай мэтай праекта “ТАНДЭМ” з’яўляецца пашырэнне магчымасцяў грамадзян для іх удзелу ў вырашэнні пытанняў на мясцовым узроўні шляхам спрыяння развіццю мясцовых супольнасцяў і ўзмацнення іх супрацоўніцтва з мясцовымі органамі ўлады.

На падставе атрыманага досведу былі сфармуляваны прапановы законатворчага, арганізацыйнага і адукацыйнага характару, якія закліканы паспрыяць актывізацыі грамадзянскага ўдзелу на мясцовым узроўні і ўзмацненню ўзаемадзеяння грамадзян і мясцовых органаў улады.

Андрэй Завадскі, юрыст АГА “Фонд імя Льва Сапегі” выступіў з прэзентацыяй-аглядам беларускага заканадаўства аб формах грамадзянскага ўдзелу ў вырашэнні мясцовых задач. Былі прадстаўленыя і прааналізаваныя палажэнні законаў “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні”, “Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах”, “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў”, “Аб ахове навакольнага асяроддзя” і шэраг іншых, у якіх нарматыўна замацаваны разнастайныя формы непасрэднага ўдзелу грамадзян у мясцовым самакіраванні. 

На падставе аналіза былі зроблены высновы аб практыцы выкарыстання тых ці іншых формаў непасрэднай дэмакратыі, а таксама сфармуляваны прапановы па павышэнню эфектыўнасці грамадскага ўдзелу ў мясцовым самакіраванні. 

Пра свой досвед дзейнасці па актывізацыі жыхароў сельскіх населеных пунктаў у вырашэнні мясцовых пытанняў на першасным тэрытарыяльным узроуні праз дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў распавялі Вольга Чэкун, дырэктар школы, старшыня грамадскага дабрачыннага аб’яднання “Смаргонская ініцыятыва”, а таксама Людміла Градзіцкая, член Залескага сельвыканкама, старшыня першаснай арганізацыі “Сяльчанка” ГА “Беларускі Саюз жанчын” Смаргонскага раёна, дырэктар Залескага музея-сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага. 

У прыватнасці прамоўцы звярнулі ўвагу на каштоўныя гісторыка-культурныя асаблівасці і традыцыі Смаргоншчыны, павага і захаванне якіх праз рэалізацыю грамадзянскіх ініцыятыў і ўзмацненне мясцовага самакіравання можа спрыяць устойліваму развіццю рэгіёна.

З прэзентацыяй лепшых практык грамадзянскага ўдзелу на мясцовым узроўні ў межах абмену досведам па пашырэнні і рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятываў выступілі Сяргей Жылік, метадыст Ашмянскага раённага цэнтра культуры, Таццяна Цітуленка, в.а. Вілейскага раённага Савета дэпутатаў, старшыня Праўлення грамадскага аб’яднання па ўстойлівым развіцці Вілейскага рэгіёна “ЗОВіК” і Ала Шыцікава, дырэктар Смаргонскага мясцовага дабрачыннага фонда “Паўночныя Афіны Міхала Клеафаса Агінскага”.

Кожны з іх прымаў чынны ўдзел у рэалізацыі праекта ТАНДЭМ і з’яўляўся кіраўніком міні-праекта, паспяхова выкананага ў сваім рэгіёне. У прыватнасці, Сяргей Жылік прэзентаваў праект “Стварэнне і дзейнасць клуба старастаў вёсак “КУТ” (Культура кіравання тэрыторыяй)", Тыццяна Цітуленка распавяла пра праект “ЦУД – цэнтр устойлівасці вёсак ці мясцовыя праблемы вырашаем разам”, а Ала Шыцікава засяродзіла ўвагу на праекце “Новая вёска – партнёрства для ўстойлівага развіцця”.

Гэтыя праекты арганічна сумяшчалі адукацыйны і культурны элементы з ажыццяўленнем мерапрыемстваў, скіраваных на стварэнне новых ці аднаўленне існуючых элементаў сацыяльнай інфраструктуры, у якіх былі востра зацікаўленыя мясцовыя супольнасці і асобныя сацыяльныя групы грамадзян. Але найбольш каштоўным у гэтых праектах з’яўляецца тое, што яны ўцягвалі грамадзян у непасрэднае абмеркаванне і актыўны ўдзел у вырашэнні надзённых мясцовых пытанняў і праблем, далі каштоўны досвед сумеснай дзейнасці грамадзян і іх узаемадзеяння з мясцовымі органамі ўлады.

У працяг абмену вопытам па падтрымцы і рэалізацазыі мясцовых грамадзянскіх ініцыятываў выступілі Таццяна Горбач, стараста вёскі Ветхава, кіраўніца групы Чырвонага Крыжа “Залясянка” Смаргонскага раёна, а таксама Яна Апанель спецыялістка па сацыяльнай рабоце Смаргонскага райвыканкама.

Удзельнікі семінара жыва рэагавалі на ўсе выступы і прэзентацыі, задавалі шматлікія пытанні, выказвалі свае меркаванні і рабілі высновы па найбольш актуальных і надзённых пытаннях мясцовага самакіравання і грамадзянскага ўдзелу на мясцовым узроўні. Прапановы па актывізацыі грамадзянскага ўдзелу ў вырашэнні праблем і задач мясцовага значэння, а таксама ўзмацненню ўзаемадзеяння грамадзян і мясцовых органаў улады, падрыхтаваныя спецыялістамі АГА “Фонд імя Льва Сапегі”, былі з цікавасцю ўспрынятыя, абмеркаваныя і падтрыманыя ўдзельнікамі семінара.

Еўрапейскі і лепшы беларускі вопыт грамадзянскіх ініцыятываў дэманструе, што няўрадавыя арганізацыі і ініцыятыўныя групы грамадзян здольныя адыгрываць значную ролю ў спрыянні ўстойліваму развіццю на мясцовым узроўні, а таксама ў пашырэнні дэмакратыі, сацыяльнай справядлівасці і правоў чалавека. Падтрымка такіх арганізацый і груп, у тым ліку, і мясцовымі органамі ўлады, з’яўляецца адным з вырашальных фактараў іх далучэння да працэсу прыняцця рашэнняў на мясцовым узроўні.

 
Finland